Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Івацэвіцкія валейбалісты паказалі клас на чэмпіянатах аматарскіх ліг - спачатку ў Брэсце, потым у Мінску

18/01/2024 17:08

 

Некалькі гадоў таму ў Івацэвічах з’явілася свая валейбольная каманда. Яна дастаткова ўпэўнена стартавала ў валейбольнай аматарскай лізе горада Брэста «MAXLIGA» ў 2021 годзе, стаўшы пераможцам адкрытага Кубка Брэста. Затым было другое месца ў чэмпіянаце гэтай жа лігі, дзе бралі ўдзел каля 10 каманд, і нашы валейбалісты-аматары саступілі толькі адной. Тры сезоны ў «MAXLIGA» – і Беларуская федэрацыя валейбола запрасіла каманду ў адкрытую аматарскую валейбольную лігу горада Мінска, дзе яна таксама мае і поспех, і вагу. Па рэзультатах чэмпіянату ўжо сталічнай лігі, які закончыўся ў снежні 2023 года, у івацэвіцкай валейбольнай каманды – бронза. А за месца на п’едэстале змагаліся 26 каманд…
А з чаго ўсё пачыналася? Пра гэта «ІВ» расказаў адзін з ігракоў каманды, начальнік Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Новік. Гэта ён, можна сказаць, даў штуршок ідэі, якая прыйшла ў галаву і іншым валейбалістам-аматарам, што сустрэліся яму ў Івацэвічах. На-
чальнік Івацэвіцкага РАНС родам з Ляхавічаў, дзе займаўся ў спартшколе і падаваў надзеі ў лёгкай атлетыцы (уваходзіў у васьмёрку лепшых у вобласці скакуноў у даўжыню), меў узнагароды на спаборніцтвах па самба (другое месца ў вобласці ў сваёй вагавой катэгорыі). Цікавіўся рознымі відамі спорту – міні-футболам, баскетболам, валейболам. Потым была вучоба ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС Рэспублікі Беларусь, дзе таксама быў валейбол. Хацелася працягнуць гуляць у яго і тады, калі ўладкаваўся на працу ў Ляхавіцкі РАНС, ды не знаходзіліся аднадумцы. А ў Івацэвічах, куды прыехаў працаваць у 2019 годзе, яны знайшліся. Сяргей Новік захапляецца каманднымі відамі спорту. Наўрад ці ён мог бы займацца, скажам, бегам, гэта не так цікава, як гульня, што патрабуе пэўнай стратэгіі.
У поўнай меры раздзяляюць яго захапленне астатнія ігракі аматарскай валейбольнай каманды, якія зараз складаюць яе касцяк. Гэта Арцём Чарота (капітан каманды), Юрый Мінчук, Аляксандр Стаскевіч, Мікалай Сысоеў, Дзмітрый Дзямянчык (усе яны родам з Івацэвіцкага раёна, хоць і не ўсе тут жывуць і працуюць), а таксама Павел Тарасюк і Аляксандр Рыбко (хлопцы не мясцовыя). Час ад часу каманду падтрымліваюць і іншыя валейбалісты-аматары. За некалькі гадоў склад нязначна, але мяняўся. Пачыналі з удзелу ў спаборніцтвах мясцовага ўзроўню, выязджалі за межы раёна – у Пружаны, Пінск, Бярозу, а потым адчулі ў сабе сілы выйсці на ўзровень больш высокі і пакарылі Брэст і Мінск.
Цікавы факт. Арганізатары аматарскай валейбольнай лігі горада Мінска, якая ў гэтым годзе займела назву «Сталіца-2024», у мінулым сезоне выступілі з ініцыятывай зладзіць «Матч зорак», у якім павінны былі сустрэцца дзве каманды: аматарская і прафесіяналы – валейбольны клуб «Будаўнік». У першую каманду набіралі лепшых валейбалістаў з аматарскіх каманд, і ў яе трапілі ажно тры ігракі з івацэвіцкай каманды – Арцём Чарота, Павел Тарасюк і Юрый Мінчук. Іх арганізатарам дапамагла выбраць статыстыка матчаў, а таксама гледачы, балельшчыкі – шляхам анлайн-галасавання. Матч адбыўся, перамаглі прафесіяналы, але ж якія эмоцыі атрымалі аматары! Вось што расказвае Юрый Мінчук з Івацэвічаў (працуе інжынерам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння УП «Івацэвіцкая ПМК-18»):
– У юнацтве я быў нераўнадушным да гульнявых відаў спорту, але гэта былі футбол, баскетбол. І раптам на пляжы ўбачыў валейбалістаў, захацелася і мне ўзяць у рукі мяч. Паспрабаваў гуляць, і гэта аказалася няпроста. Зімой трапіў у спартыўную залу і стаў вучыцца валейболу разам з такімі ж аматарамі. Спатрэбілася гады два, каб больш-менш адтачыць майстэрства. Стаў удзельнічаць у мясцовых спаборніцтвах, а потым ужо разам з камандай выйшлі на новы ўзровень. Калі табе нешта падабаецца рабіць, усё атрымліваецца.
Наведваю залу тры разы на тыдзень і, здаецца, без гэтага ўжо не магу. Удзел у чэмпіянатах абавязвае не толькі трэніравацца, але і прысвячаць гульні адзін выхадны дзень штотыднёва на працягу некалькіх месяцаў. Заканчваецца чарговы сезон – і кажу сабе, што трэба завязваць. І ўсё роўна гуляю далей. А калі іграў у «Матчы зорак», адчуваў радасць, пад’ём. Я трапіў у залу, дзе гуляе зборная Беларусі па валейболе, сапернік – чэмпіён Беларусі, валейбольны клуб «Будаўнік». Уявіце сабе, што там ігракі, для якіх валейбол – прафесія, яны гэтым зарабляюць сабе на хлеб, у іх па 2-3 трэніроўкі на дзень. У складзе нашай аматарскай каманды былі два майстры спорту, кандыдаты ў майстры спорту. І побач з імі я са сваімі трыма трэніроўкамі на тыдзень – аматар чыстай вады. Гэта крута. Я помню, з чаго мы пачыналі. Узровень гульні нашай каманды вырас і прадаўжае расці. І ўсё дзякуючы таму, што мы сустракаемся з моцнымі сапернікамі.
Дарэчы, пра трэніроўкі. Камандныя трэніроўкі здараюцца рэдка – усё ж ігракі жывуць у розных гарадах, і разам трэніруюцца толькі трое з іх – тыя, хто ў Івацэвічах. Гуляюць у валейбол у спартыўнай зале СШ № 4 г. Івацэвічы. Вялікі крок наперад, па меркаванні Сяргея Новіка, тое, што ўсе жадаючыя займацца валейболам у Івацэвічах маюць магчымасць рабіць гэта на базе СШ № 1 і
№ 4, прычым, бясплатна (за гэта можна сказаць дзякуй раённай уладзе). Толькі трэба звярнуцца ў РСАУ «Вымпел» і трапіць у адну з дзвюх вучэбных груп (у кожнай – прыкладна па 30 чалавек).
Сяргей Новік расказвае, што ў іх каманды няма трэнера, хоць лішнім ён бы і не быў: заўсёды карысны погляд збоку. Але найлепшым было б мець дыпламаванага трэнера па валейболе акурат РСАУ «Вымпел», каб як след магла трэніравацца моладзь. Трэба расціць дастойную змену, каб не пахаваць добрую ініцыятыву, якая праслаўляе раён.
Дзень размовы з Сяргеем Новікам быў апошнім днём падачы заяўкі на ўдзел нашых валейбалістаў у наступным чэмпіянаце ААВЛ «Сталіца-2024». Добрая навіна для балельшчыкаў – каманда прадоўжыць гуляць, усе яе члены пацвердзілі гатоўнасць пазмагацца з сапернікамі, якіх, між іншым, усё больш. У сталічнай лізе было два дывізіёны каманд, прычым, нашы былі ў мацнейшым, а стане тры дывізіёны – плануецца ўдзел 36 каманд з усёй Беларусі. Гульні пачынаюцца ў студзені, чэмпіянат будзе доўжыцца каля двух месяцаў, каманды згуляюць адна з другой «по кругу», потым пройдуць матчы серыі плэй-оф.
Удзел у чэмпіянаце дае ігракам аматарскай каманды зарад бадзёрасці, добры настрой, перамогі гарантуюць медалі і дыпломы, каштоўныя падарункі, тытулы (напрыклад, Арцём Чарота быў прызнаны лепшым нападаючым мінулага сезона). Усё гэта стала магчымым дзякуючы энтузіязму ігракоў, падтрымцы РСАУ «Вымпел» і дапамозе спонсараў.
Адзначым, што івацэвіцкія валейбалісты прадаўжаюць удзельнічаць і ў мясцовых турнірах – усюды, куды запрашаюць. А сам Сяргей Новік гуляе за каманду Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, удзельнічае ў «Вертыкалі». Карыстаючыся выпадкам, ён запрасіў балельшчыкаў на традыцыйны валейбольны турнір памяці Уладзіміра Высоцкага, што 27 студзеня будзе ладзіцца ў Дабромыслі. Ад імя каманды ён шчыра дзякуе балельшчыкам і спонсарам за падтрымку. Прыемна, калі тое, чым ты займаешся, цікава не толькі табе і радуе не толькі цябе, але і іншых. А мы зычым нашай камандзе імпэту, новых перамог і яркіх
гульнявых момантаў.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

 

К списку новостей

Полезные ссылки