Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

Аптэка № 89 г. п. Целяханы – лепшая ў вобласці сярод аптэк 3-й катэгорыі Брэсцкага РУП«Фармацыя»

19/03/2024 07:37

 
Целяханская аптэка паказала найлепшы рэзультат па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2023 год. Яе калектыў у складзе загадчыцы Алены Мялік, фармацэўтаў-рэцэптараў Людмілы Казак і Святланы Рак, прыбіральшчыцы Таццяны Гапонік прыкладвае ўсе сілы, каб працаваць рэзультатыўна і добрасумленна ўжо больш за 30 гадоў – столькі калектыў працуе менавіта ў такім складзе. І такой высокай узнагародай ён адзначаны ўпершыню.

Дзверы аптэкі № 89 закрываюцца толькі на ноч – і ў выхадныя дні, і ў святы можна зазірнуць сюды па лекі. На свае вочы ўбачылі, што пакупнікоў шмат, і гэта не толькі жыхары Целяханшчыны, але і суседняй Піншчыны, і госці пасёлка, якія бываюць тут праездам.

Аптэкі 3-й катэгорыі месцяцца ў сельскай мясцовасці, у нашым раёне такіх чатыры, а ў Брэсцкай вобласці – дзясяткі. У аптэцы № 89 прадстаўлены больш за тры тысячы найменняў лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння. Паказчык рэалізацыі беларускіх прэпаратаў – больш за 50 %. Асартымент шырокі, да таго ж ёсць магчымасць заказаць прэпараты, прывоз – кожную нядзелю. Дзяржаўныя аптэкі раёна злучае адзіная лакальная сетка, дзякуючы чаму па камп’ютары можна даведацца, у якой аптэцы ёсць лекі, якіх, напрыклад, не аказалася ў целяханскай № 89. І ў гарадскім пасёлку, акрамя аптэкі № 89, ёсць і аптэка № 170 4-й катэгорыі Брэсцкага РУП «Фармацыя». Яна невялікая і месціцца ў будынку Целяханскай гарадской бальніцы. Здаецца, гэтага дастаткова, каб забяспечыць насельніцтва лекамі ў поўнай меры.

Зазначым, што аптэку № 89 можна пахваліць і за яе знешні выгляд. Да абласных «Дажынак» тут перарабілі ўваходную групу. Новыя дзверы цяпер з другога боку будынка – гэта больш зручна і дало магчымасць пакласці паўнацэнны тратуар на вуліцы Пушкіна. Пабудавалі і новы ганак з пандусам, пафарбавалі фасад, паставілі новы плот – тэрыторыя акуратная, дагледжаная, утульна і ўнутры памяшкання. Аднак зазначым, што аб’ём работ тут быў невялікі – дзякуючы таму, што ў 2014 годзе ў будынку быў зроблены капітальны рамонт. Ацяпленне да капрамонту было пячным, а стала газавым. У аптэцы з’явіліся выгоды (раней былі на вуліцы). Памянялі вокны-дзверы, гандлёвая зала стала большай і з новым гандлёвым абсталяваннем, са стыльным інтэр’ерам. Карацей, стала камфортна і для пакупнікоў, і для работнікаў.

– Аптэка стала для мяне другім домам, а калектыў – другой сям’ёй: мы ж усе ўладкаваліся на працу з розніцай у год ці паўгода тры дзесяцігоддзі таму, – расказвае загадчык аптэкі № 89 Алена Мялік. – Работу сваю любім, а па-іншаму і нельга, бо ў адваротным выпадку не будзе ні радасці, ні развіцця. Хто хоча быць фармацэўтам – абавязкова спрабуйце паступіць у ВНУ. Скажу шчыра – вучыцца цяжка, а працаваць… Нюансы ёсць. Трэба мець цягу да парадку, быць кампетэнтным, умець выслухаць і паспагадаць. Лечаць не толькі лекі, але і добрае слова.

Не будзе поспеху ў прафесіі фармацэўта не толькі без любові, але і без пастаяннага павышэння кваліфікацыі: выпускаюцца ўсё новыя прэпараты, старыя губляюць сваю эфектыўнасць. Часта пакупнік праходзіць міма ўрачоў і разлічвае, што яго пракансультуюць у аптэцы. Дапамагаюць веды і вопыт, работнікі аптэкі ездзяць на курсы і займаюцца самаадукацыяй.

Шчыра віншуем калектыў аптэкі № 89 з заслужанай узнагародай і зычым далейшых поспехаў, маральнага і матэрыяльнага задавальнення ад работы. І, карыстаючыся момантам, паведамляем пра яшчэ адну падзею для аптэчнай сеткі раёна, пра якую журналістам распавяла загадчык Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 9 Вікторыя Белая. Нядаўна падчас рабочай паездкі аптэку № 90 3-й катэгорыі аг. Святая Воля наведаў Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў. Кіраўнік ведамства вывучыў асартымент беларускіх лекавых сродкаў і пагутарыў з загадчыкам аптэкі Тамарай Акуленка. Пра Тамару Ягораўну не так даўно пісала раёнка. Яна паважаны і надзвычай вопытны правізар, якая можа сустрэць сваё 80-годдзе на рабочым месцы, бо выручае калег і ўсё яшчэ працуе ў сельскай аптэцы, куды складана знайсці маладога спецыяліста. Напярэдадні Дня жанчын Тамара Акуленка ўзнагароджана Граматай Брэсцкага РУП «Фармацыя» за добрасумленную працу ў справе лекавага забеспячэння насельніцтва. Віншуем і дзякуем за працу!

Крыніца: https://ivatsevichy.by/

 

К списку новостей

Полезные ссылки