Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 год - Год качества

З абсталяваннем і тэхнікай на «ты» слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы Васіль Ермаловіч

25/03/2024 09:40

 

Яго імя – на раённай Дошцы гонару. Васіль Ермаловіч, ураджэнец Альшаніцы і жыхар Косава, амаль 30 гадоў працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна. Як спецыяліст ён адметны тым, што надта добра разбіраецца ў справе, за якую ўзяўся. Настолькі добра, што кіраўніцтва ў дачыненні да яго ўжывае слова ўнікум: з тэхнікай і абсталяваннем Васіль Васільевіч на «ты». І ўсяму навучыўся, лічы, самастойна, на ўласным досведзе.

А пачалося ўсё яшчэ ў дзяцінстве. Бацька-трактарыст навучыў сына любіць жалезныя цацкі – балты ды гайкі. У школьным узросце ён паспрабаваў сабраць самаробны трактар – і атрымалася. Трактар і зараз на хаду, праўда, за гэтыя гады гаспадар яго мадэрнізаваў. Абрабляе на жалезным кані зямлю ў роднай Альшаніцы, раней катаў на ім дзяцей – дачку ды сына, а цяпер унукаў – іх пяцёра.
У школе Васілю найбольш падабаліся ўрокі працы і фізікі – любіў вопыты і яшчэ вучнем злучаў правады без усякай схемы. Пасля сканчэння агульнаадукацыйнай школы вучыўся ў ваенна-марской школе ДТСААФ у Пінску, а потым тры гады служыў на Балтыйскім флоце, на новым катэры-ракетаносцы. Там і атрымаў навыкі слесара, быў карабельным электрыкам, тэлемеханікам – абслугоўваў усе прыборы, пульты, станцыі ўпраўлення (дарэчы, ён адзін з першых членаў раённай арганізацыі, якая аб’яднала ваенных маракоў). Пасля службы вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся слесарам на Квасевіцкую пяро-пуховую фабрыку. У 1995 годзе перайшоў у Косаўскую ЖКГ, пазней яна была далучана да Івацэвіцкай.
Што ўваходзіць у абавязкі героя публікацыі? Займаецца наладкай, абслугоўваннем, рамонтам і нават мантажом новага абсталявання ў кацельнях па ўсім раёне. Мадэрнізацыю кацельняў ЖКГ праводзіць сваімі сіламі, і тут таксама патрэбныя залатыя рукі і ясны розум Васіля Ермаловіча. Як і іншыя слесары, ён нясе дзяжурствы на цэнтральнай івацэвіцкай кацельні, аднак няштатныя сітуацыі не здараюцца па графіку. Іншы раз даводзіцца ехаць на работу і ў выхадныя, і ноччу. Сур’ёзныя аварыі, калі падумаць, здараліся рэдка – і тое, у пачатку працоўнага шляху. Для таго і працуюць слесары, каб абсталяванне працавала як след, гаворыць ён. Дарэчы, больш пытанняў узнікае па аўтаматызаваных кацельнях, чым па тых, дзе працэсамі кіруе чалавек.
У дзень візіту журналістаў у цэнтральнай кацельні г. Косава, якая ацяпляе ўвесь жылфонд, школу, садок, бальніцу, Васіль Васільевіч разам з калегам, таксама вопытным слесарам КВПіА Аляксандрам Хвясько праводзіў «тэхагляд» катлоў. У мінулым годзе тут замянілі газаразмеркавальную ўстаноўку, гарэлку на адным катле, дымагарныя трубкі. На аб’ектах два слесары часта працуюць разам, асабліва калі неабходна задакументаваць паказанні прыбораў. Разам ездзілі на курсы павышэння кваліфікацыі і часта раяцца адзін з адным па рабочых пытаннях. Васіль Васільевіч дастаткова вопытны работнік і ў дзеяннях сваіх звычайна ўпэўнены. Хіба толькі інструкцыя па мантажы катлоў на замежнай мове можа яго збянтэжыць, аднак і тут рашэнні знаходзяцца. Іншы раз спецыяліст можа прапанаваць і сваё больш рацыянальнае рашэнне, да яго прыслухоўваюцца.
Дададзім, што і хобі нашага субяседніка таксама звязана з яго здольнасцямі – «паварыць-патачыць» і дапамагчы пры гэтым людзям. ёсць у яго і яшчэ адна важная рыса характару: ён умее браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні, а такога работніка і чалавека цэняць і паважаюць. Васіль Ермаловіч працай сваёю славіцца і праслаўляе ёю калектыў.

Ацяпляльны сезон 2023–2024 блізіцца да завяршэння. Можна сказаць, што ён прайшоў у штатным рэжыме, без сур’ёзных аварый. У раёне – 51 кацельня, 29 працуюць на мясцовых відах паліва, 20 – на газападобным паліве (з іх 16 – у аўтаматычным рэжыме), дзве – камбінаваныя. Сёлета за ўласныя сродкі плануем пабудаваць кацельню на газападобным паліве ў в. Хадакі, яна будзе працаваць у аўтаматычным рэжыме. У цяперашняй хадакоўскай кацельні застаўся адзін абанент – мясцовая ўстанова культуры, і немэтазгодна трымаць у штаце чатыры качагары, каб яе абслугоўваць. Пры наяўнасці фінансавання заменім катлы ў Быценскай кацельні (лагер «Ювента»). Як і заўсёды, правядзём рэгламентныя работы: гідравыпрабаванні, прамыўку катлоў, цеплаабменнікаў і інш.
Жыхары Івацэвічаў заўважылі, што летась на ажыўленых вуліцах горада ў сетках цеплазабеспячэння старыя замартызаваныя трубы мяняліся на прадізаляваныя. Сёлета гэтыя работы будуць прадоўжаны. Запланавана перакласці 830 м трубы на вул. Дэпутацкай, Чкалава і 60 год Кастрычніка. 93,8 % труб у цепласетцы раёна замененыя (яе працягласць – каля 140 км).
Камунальнікі штогадова абавязаны перакладваць 3 % сетак водаправода і каналізацыі са звышнарматыўным тэрмінам эксплуатацыі. Сёлета гэта 1,6 км водаправода і 1 км каналізацыі. Часткова гэта будзе здзейснена за бюджэтныя сродкі, часткова за ўласныя. Перш-наперш зоймемся перакладкай водаправода ад гарадскога Дома культуры да д. № 39 па вул. Леніна, а таксама на вул. Кароткай і Заслонава – на тым участку, дзе здараліся парывы (на ім жа заменім і каналізацыйныя трубы). Запланавана перакладка водаправода ў п. Зялёны Бор, на вул. Шаўчэнкі ў Івацэвічах, каналізацыі на вул. Агінскага ў Целяханах і ў аг. Даманава. У планах на 2024 год – будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Дабромыслі.
Усяго маем 57 артэзіянскіх свідравін (36 аўтаматызаваныя) і 81 КНС (аўтаматызаваная 51). Работы па аўтаматызацыі працягваюцца, выконваем іх сваімі сіламі, набываем абсталяванне.


 Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Полезные ссылки