Ивацевичский районный исполнительный комитет

Ивацевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет Победы советского народа в Великой Отечественной войне

«Усё помніцца…»

06/12/2025 11:45

 У сціплым, але ззяючым чысцінёй і ўтульным доме ў вёсцы Бабровічы жыве Анастасія Якаўлеўна Дубінка. Ёй нядаўна споўнілася 90 гадоў, і яна – апошні жывы сведка трагедыі, якая што чорным крылом засланіла светлы лёс яе роднай вёскі і назаўжды змяніла жыццё. На долю жанчыны выпалі вельмі няпростыя выпрабаванні, яна перажыла голад, холад, вайну, страту блізкіх і гады знясільваючай, напружанай і не па-жаночы цяжкай працы. А яе памяць дагэтуль захоўвае былое, нібы гэта было ўчора.

– Ніколі не думала, што дажыву да такога часу, калі ўдосталь будзе ежы, калі змагу сабе дазволіць з’есці смачнае, што буду хадзіць у сваёй хаце па дыванах, а не па земляной падлозе, – ледзь стрымліваючы слёзы, пачынае аповед Анастасія Якаўлеўна і азірае свой дагледжаны дом. – А раней… Елі і лебяду, крапіву, бульбу з лупінамі ды з вадой. Але, ведаеце, на дзіва, здаровыя былі…

Дзяцінства, апаленае вайной

Дзяцінства шасцігадовай Насці абарвала вайна. Яна дагэтуль памятае той дзень, калі ў Бабровічы прыйшлі немцы і абвясцілі, што жыхарам забаронена пакідаць вёску. Гэта быў верасень 1942 года, калі вяскоўцаў сагналі ў двор царквы.

– Дзеці плакалі, жанчыны прасіліся, а ля варот стаяў немец з кулямётам, – згадвае Анастасія Дубінка.

Аднак страшнае баброўцаў чаканне змянілася кароткачасовай палёгкай – немцы адпусцілі людзей па хатах. І гэта была толькі адтэрміноўка, бо 13 верасня 1942 года стала днём страшнай трагедыі.

– Немцы пачалі заганяць жанчын і дзяцей у хаты, а мужчын павялі ў канец вёскі ды падпалілі ў гумне. Сярод іх быў і мой бацька, – голас маёй субяседніцы пачынае дрыжаць.

І далей яна ўспамінае, як у гэты ж дзень стала сведкай і іншага страшнага злачынства.

– Я выбегла на агарод, каб сарваць морквінку, ажно бачу, як дзяўчат немцы гоняць у хлеў. Хутка занялася полымем саламяная страха. Я кінулася ў хату да мамы, стала прасіць, каб ратавала яна нас. Таму хуценька мы з мамай, братам, якому было ўсяго два гады, чатырох-гадовай сястрой схаваліся за калодзежам у разорах бульбы. Моцна плакаў брацік, але мама ўгаворвала яго, і хлапчаня, нібы зразумеўшы страшную небяспеку, прыціхла. Мы ж баяліся нават дыхаць, – Анастасія Якаўлеўна заплюшчвае вочы, нібы зноў перажываючы той жах.

Раптам вёску ахапіла полымя, адна за другой, нібы запалкі, успыхвалі стрэхі хат. Тых, хто спрабаваў выбегчы з полымя, адразу расстрэльвалі. Сям’я Анастасіі доўга ляжала на агародзе ў страшным чаканні, пакуль утаймуецца агонь і наступіць цішыня.

– Ну і енчылі ж, крычалі людзі, якія гарэлі зажыва. Іскры і вуголле сыпаліся нам на спіны, таму на нас паплавілася вопратка і нават пагарэлі часткова валасы. Маці абсыпала нас пяском, каб хоць неяк засцерагчы, – працягвае аповед жанчына.

Прычынай жорсткай расправы стала сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі. Незадоўга да трагедыі была расстраляна і сям’я дзеда Анастасіі Якаўлеўны, які працаваў у вёсцы настаўнікам. А ў тым жудасным агні 13 верасня загінулі і дзве родныя цёткі – сёстры маці.

Мара – наесціся хлеба ўволю

Пасля трагедыі сям’я была вымушана бегчы з вёскі. Доўга бадзяліся па навакольных сёлах, але прыняць баброўцаў да сябе ніхто не адважваўся – баяліся за гэта фашысцкай расправы, ды ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, многія дзяліліся з бядовымі вандроўнікамі апошнім.

– Людзі добрыя былі… – кажа Анастасія Дубінка, згадваючы тых, хто дапамагаў ім выжыць.

Зараз нават складана ўявіць, як вытрымлівала маці з малымі дзецьмі на руках такія ўмовы жыцця, дакладней, іх адсутнасць, калі замест даху над галавой – крона дрэва, а ў якасці сняданку ці абеду – тое, што расце пад нагамі.

Знайсці прытулак удалося ў Вялікай Гаці, мясцовыя падказалі, што пустуе хата яўрэяў, якіх расстралялі фашысты, там і аселі. Варвара, маці Анастасіі, рызыкуючы жыццём, пачала пячы хлеб для партызан. Часта да іх наведваўся Мікалай Крот, вядомы ў акрузе дыверсант. Ён прыносіў збожжа, Варвара малола яго на жорнах, расчыняла ў дзяжы цеста, умудраючыся выкраіць з небагатага набору прадуктаў і бохан для дзяцей. А Мікалай, калі прыходзіў забіраць хлеб, заўсёды шкадаваў малых і адзін бохан з вялікага мяшка даставаў і даваў ім.

– Наесціся ўволю хлеба было нашай марай, бо маці заўсёды дзяліла яго на кавалачкі і недзе хавала, нам выдзяляла пакрысе, – кажа жанчына.

Мірнае жыццё

Усплывае ў яе памяці і тая доўгачаканая Перамога, прадчуванне шчасця ў думках, што ўжо не трэба баяцца, што мінуў той страшны час, калі трэба было хавацца ў лесе. Насця стаяла пры дарозе і пільна сачыла за падводамі коней, на якіх вярталіся з франтоў салдаты, хтосьці з іх ішоў пешшу. Адзін салдат падышоў да дзяўчынкі ды пацікавіўся, каго ж яна выглядае сярод людзей, ці не тату чакае. На што яна горка заплакала, а потым расказала, што татку спалілі немцы.

– Не плач, дачушка, кажа мне той салдат. Адпомсцілі мы фрыцам за твайго татку! А каб хоць неяк мяне суцешыць, дастаў з кішэні і працягнуў мне драбочак цукру, – зноў і зноў вяртаецца ва ўспамінах у мінулае Анастасія Якаўлеўна.

Той кавалачак цукру падаўся для дзяўчынкі сапраўдным скарбам, які яна беражліва схавала ў далоні і, прыціснуўшы да грудзей, прынесла дадому. А дома, падсаладзіўшы кубачак цёплай вады, з вялікім задавальненнем, як нешта самае прыемнае і самае смачнае ў свеце, раздзяліла яго з брацікам і сёстрамі.

Вяртанне на малую радзіму

Пасля вайны сям’ю пацягнула на малую радзіму, у родныя Бабровічы, нават нягледзячы на тое, што там не засталося радні і не было дзе прыткнуцца. Разам з маці дзеці пасяліліся ў зямлянцы, дзе была толькі маленькая печ ды земляная падлога, якую ў непагадзь залівала вадой. Жыццё было неверагодна цяжкім, згадвае Анастасія Якаўлеўна. Зрабілі ложак з бярвення і галінак, паклалі на іх сена, так і спалі.

Неяк у зямлянку наведаўся салдат, што вяртаўся з фронту. Убачыў дзяцей, што спяць у сене, дастаў з паходнага рукзака коўдру і накрыў гаротнікаў. Той самай коўдраў і ўкрывалася Насця па чарзе з братам, калі хадзілі потым у школу, бо верхняй вопраткі, як і абутку, у іх не было.

А потым наведаліся ў Бабровічы людзі з Вялікай Гаці, пабачылі, у якіх умовах жыве Варвара з дзецьмі, ды талакой перавезлі ім хату, у якой некалі жыла сям’я. Так нарэшце ў іх з’явіўся дах над галавой.

Працоўныя будні

Толькі дзякуючы моцнаму характару і непасільнай працы Анастасія аднаўляла і будавала сваё далейшае жыццё. Пасля школы пасвіла авечак, потым пайшла даіць кароў. У 14 гадоў працавала ўжо нараўне з дарослымі, бо не было ў хаце мужчынскай сілы. Калі хтосьці і дапамагаў з вяскоўцаў, то потым трэба было ісці да іх і адпрацоўваць. А сабе на карову сена даводзілася нарыхтоўваць разам з маці сярпом. Успамінае, што брату было 12 гадоў, калі ён хлеўчык для каровы сам пабудаваў.

Цяжкая праца рана загартавала. Анастасія, як і многія дзеці таго часу, рана пазнала цану хлеба, цану кожнай спакойнай і мірнай хвіліны. Дзяцінства сышло, пакінуўшы ў характары адбітак дарослай сур’ёзнасці.

Сям’я

У 19 гадоў Анастасія выйшла замуж за мясцовага хлопца Івана, які толькі вярнуўся з арміі. Пазнаёміліся на вячорках, калі моладзь збіралася ў чыёй-небудзь хаце, дзе пралі, ткалі і дзяліліся навінамі. Пасаг яе быў сціплы: сяннік ды некалькі посцілак.

У 1956 годзе ў Дубінкаў нарадзіўся першынец. Ужо праз два месяцы Анастасія вярнулася на працу на ферму, а клопат пра сына ўзяла на сябе свякроў. Муж Іван працаваў у калгасе трактарыстам. Трымалі вялікую падсобную гаспадарку, таму і працавалі ад зары да зары. У гэтым жа годзе Дубінкі і страцілі свайго сына, які памёр ад запалення лёгкіх. Нялёгкім было і жыццё са свекрывёй у Выганашчах, якая, па словах Анастасіі Якаўлеўны, яе нават біла.

 – Плацілі нам мізэрна мала, дык каб зарабіць на кавалак мыла, бегала яшчэ ўдзень па ягады. З велізарнай цяжкасцю дамагліся матэрыялаў і пабудавалі свой дом у Бабровічах. А колькі я папакутавала, калі страціла сына! – уздыхае жанчына.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Анастасія і яе муж выгадавалі траіх дзяцей. Ды зноў каварная хвароба не абышлі бокам сям’ю. У Івана бранхіт перайшоў у астму. У 1996 годзе, пасля 40 гадоў сумеснага жыцця, вернага спадарожніка не стала…

– Ніколі б не падумала, што, перажыўшы столькі гора, дажыву да 90 гадоў, –  разважае жанчына.

Дзень сённяшні

Сакрэтам свайго доўгажыхарства яна лічыць жыццё на ўлонні прыроды і харчаванне тым, што дае зямля-карміцелька. Жыве ў сваёй хаце сёння жанчына адна, але любую матулю, бабулю і прабабулю рэгулярна наведваюць родныя, дапамагаюць ёй спраўляцца з бытавымі клопатамі. Шмат чаго Анастасія Якаўлеўна яшчэ робіць сваімі рукамі – згатуе сабе ежу, прыбярэцца ў хаце, улетку праполе агарод.

23 лістапада Анастасія Якаўлеўна атрымлівала віншаванні не толькі ад блізкіх і родных. Павіншаваць паважаную жыхарку Бабровіч прыехалі кіраўнік спраў Целяханскага сельвыканкама Алена Кайль, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Целяханы-агра» Іна Вішнеўская, Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна старшыня Савета ветэранаў г. п. Целяханы Святлана Крэк, работніца Целяханскага Цэнтра культуры і вольнага часу Наталля Бінкевіч.

Госці віталі юбілярку не толькі шчырымі словамі, але і песнямі, а яшчэ кветкамі ды падарункамі. Анастасія Якаўлеўна, хоць і адзначыла салідны ўзрост, сустракала гасцей з усмешкай і гасціннасцю, уласцівай сапраўдным беларусам.

У размове ўспаміналі пражытыя гады, працоўныя будні, цяжкасці ваеннага ліхалецця і радасці мірнага жыцця. Анастасія Якаўлеўна падзялілася ўспамінамі пра сваю працу ў калгасе, пра выхаванне дзяцей і пра тое, як змянялася жыццё на яе вачах.

Яна выказала шчырую па-дзяку за ўвагу і віншаванні, адзначыўшы, як важна для яе адчуваць падтрымку і клопат з боку землякоў.

Госці адзначылі працавітасць і жыццялюбства юбіляркі, яе мудрасць і аптымізм, якія з’яўляюцца прыкладам для маладога пакалення.

Сёння Анастасія Дубінка – не проста старэйшая жыхарка Бабровічаў, яна для ўсіх – яскравы прыклад стойкасці і нязломнай волі да жыцця.

– Усё помніцца… Прашу толькі Бога, каб мае дзеці, унукі і праўнукі не бачылі вайны, такога гора, як я, – кажа жанчына напрыканцы нашай размовы.

І яе словы – гэта запавет будучым пакаленням: берагчы мір і не забываць урокі мінулага.


Крыніца: ivatsevichy.by

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки